Днямі расійскі апазіцыянер Ілля Панамароў, як напісаў украінскі «Обозреватель», «раскрыў планы Пуціна па Беларусі».
Невядома, канешне, адкуль Панамароў ведае пра планы Пуціна, аднак, на яго думку, кіраўнік Расіі плануе адрадзіць Саюзную дзяржаву з Беларуссю. Для рэалізацыі гэтага плана Пуціну неабходна адхіліць ад улады Лукашэнку.
Панамароў нагадаў, што Расія прызначыла ў Беларусь паслом з пашыранымі паўнамоцтвамі Міхаіла Бабіча. «Бабіч у Расіі вядомы тым, што ён сілавік і спецыяліст па самых брудных і гвалтоўных выбарах, якія праходзілі ў расійскіх рэгіёнах. Такі сабе спецпаліттэхнолаг. Хутчэй за ўсё, гэта сведчыць, што Крэмль будзе актыўна гуляць на гэтых (беларускіх. — аўт.) выбарах», — растлумачыў ён.
«Калі ў іх атрымаецца прыбраць Лукашэнку, тады яны паспрабуюць аднавіць ідэю саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі — «СССР–2.0», каб можна было вывесці Пуціна на выбары прэзідэнта гэтай аб’яднанай дзяржавы», — кажа расійскі палітык.
Паводле меркавання Панамарова, гэта дазволіць Пуціну, па-першае, падвысіць свой рэйтынг за кошт, дэ-факта, далучэння Беларусі да Расіі, а па-другое, стаць кіраўніком «Саюзнай дзяржавы», прычым, без абмежавання канстытуцыйных тэрмінаў.
Што ж, версія, як кажуць, не пазбаўленая вытанчанасці. Адна бяда — рэалізаваць яе можна было ў мінулым стагоддзі, калі працэс фармавання «Саюзнай дзяржавы» ішоў напоўніцу, і ўсе былі поўныя энтузіязму з гэтай нагоды. Зараз — іншы час.
Па-першае, «змяніць Лукашэнку». Адразу ўзнікае пытанне: якім чынам? Працэс «кіруемых выбараў» у Беларусі адладжаны значна лепей, чым у Расіі. Можна нават сказаць, што гэта Расія ўзяла на ўзбраенне «беларускую мадэль». І ў такіх варунках разлічваць на тое, што беларускі Цэнтрвыбаркам выдасць лічбы, адрозныя ад прагназуемых, — смеху варта. Расія прапануе старшыні беларускага ЦВК столькі грошай, што яна «здасць» свайго патрона? Наўрад ці. Бяспека грашыма не вымяраецца.
Па-другое, нават калі Расія «здыме» Лукашэнку, праблемы толькі пачынаюцца. Трэба напісаць Канстытуцыю «Саюзнай дзяржавы». Трэба стварыць не толькі агульную пасаду прэзідэнта, але і агульны парламент. Трэба, каб гэтая Канстытуцыя была ўхваленая народамі абедзвюх дзяржаў, то бок — праведзены рэферэндум. А ўжо потым — выбары прэзідэнта, парламента і гэтак далей.
З рэферэндумам, нават пры кіраваным выбарчым працэсе, узнікнуць надзвычайныя складанасці. Напрыклад, паводле беларускага заканадаўства, на рэферэндум нельга выносіць пытанне, якое можа выклікаць парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь (а «Саюзная дзяржава» — менавіта такое пытанне). То бок, спачатку беларусам давядзецца змяніць Выбарчы кодэкс.
Вынікі рэферэндуму — пасля захопу Расіяй Крыму і дзеянняў на Данбасе, а зараз і ў Азоўскім моры, — наўрад ці прадказальныя. У сярэдзіне 2016 года, паводле звестак НІСЭПД, толькі 52% апытаных падтрымалі б уваходжанне Беларусі ў склад Расіі. Гэта большасць, канешне, але непераканаўчая. І яшчэ горш: калі б быў выбар, куды ісці, — у Еўрасаюз ці Расію, Расію б выбралі толькі 42%.
Дапусцім усё ж, што і рэферэндум прайшоў. Тады ў нас пачынаюцца выбары кіраўніка Саюзнай дзяржавы. Хто-небудзь можа даць гарантыю, што на іх не высуне сваю кандыдатуру «адхілены» Расіяй Лукашэнка?
Расійскі аналаг Аляксандра Рыгоравіча — Павел Грудзінін — на нядаўніх выбарах кіраўніка Расіі заняў другое месца і склаў даволі сур’ёзную альтэрнатыву Пуціну. Што ж тычыцца Лукашэнкі, то, згодна з апытаннямі расійскага ВЦИОМ ад 2017 года, да яго «з павагай і сімпатыяй» ставяцца 27% расіян. А 54% сказалі, што «мне не ва ўсім падабаецца Лукашэнка, але я паважаю выбар народа Беларусі».
Перамога Пуціна на выбарах кіраўніка Саюзнай дзяржавы — зусім не гарантаваная.
Але самы галоўны складнік, які перашкаджае стварэнню «СССР 2.0», — гэта грошы. На ўсе выкладзеныя вышэй дзеянні (без гарантаванага станоўчага выніку) трэба процьма грошай. І яшчэ больш спатрэбіцца пасля рэалізацыі такога сцэнару, бо давядзецца аб’ядноўваць грашовыя сістэмы, і Расія займее яшчэ 6 датацыйных рэгіёнаў, якія трэба карміць.
А ў іх не хапае грошай на сваіх пенсіянераў, інакш бы яны не праводзілі пенсійную рэформу і не падымалі пенсійны ўзрост. Што, дарэчы, і абваліла рэйтынг даверу да Пуціна — зараз, паводле дадзеных таго ж ВЦИОМ, яму давяраюць толькі 37,5% расіян. Лукашэнка па прыязнасці адстае ад кіраўніка Расіі ўсяго на 10% — прычым, на яго, Пуціна, тэрыторыі!
Так што версія Панамарова — усяго толькі версія. Крамлю лепш пакінуць усё, як ёсць, чым займець сабе яшчэ адзін галаўны боль. А значыць, лёс Беларусі ўсё ж будзе вырашацца беларусамі.
0 коммент.:
Дописати коментар