24 жовтня 2017

Мінпрыроды трымае курс на інавацыі, міжнароднае супрацоўніцтва

І захаванне прыгажосці роднай зямлі.

Звычайна такія інтэрв'ю рыхтуюцца з нагоды 100 дзён на новай пасадзе. Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык атрымаў прызначэнне крыху больш за месяц таму, але графік яго працы, колькасць камандзіровак такія, што можна адзін дзень памнажаць на тры.



— Андрэй Паўлавіч, вы правялі шмат азнаямленчых паездак па краіне. Як ацэньваеце ўбачанае? Перад прызначэннем вас на пасаду міністра Прэзідэнт паставіў задачу разабрацца з шэрагам праблемных пытанняў. Як прасоўваецца работа ў гэтым кірунку?

— У цэлым задаволены тым, што ўбачыў у рэгіёнах. Больш падрабязна закрану адно з вострых пытанняў — забруджванне вод. Пры тым, што аб'ём сцёкавых вод, скінутых у паверхневыя водныя аб'екты ў 2016 годзе, скараціўся на 8,9% за кошт уводу ў эксплуатацыю 31 ачышчальнага збудавання сцёкавых вод, а таксама што больш эфектыўна працуюць такія збудаванні ў шэрагу гарадоў, падстаў для самазаспакаення няма.

За апошнія тры гады аб'ём скіду недастаткова ачышчаных сцёкавых вод павялічыўся ў 2,5 раза і ў 2016 годзе склаў 8,8 млн м3, з якіх 6,8 млн м3 (89,5%) ад прадпрыемстваў сістэмы ЖКГ у сувязі з аварыйнымі сітуацыямі, а таксама правядзеннем на тых збудаваннях работ па рэканструкцыі і мадэрнізацыі. Неэфектыўна працуюць агульнагарадскія камунальныя ачышчальныя збудаванні ў гарадах Мсціслаў, Шклоў, Браслаў, Сянно, Рагачоў, Фаніпаль, Лагойск, Беразіно, Любань і інш. Гэтая тэма знаходзіцца на пастаянным кантролі. А да ўсіх вінаватых службовых і юрыдычных асоб тэрытарыяльнымі органамі Мінпрыроды прымяняюцца меры адміністрацыйнай адказнасці.

— Раскажыце, калі ласка, на прыкладзе Гродзенскай вобласці, у якой вы доўгі час працавалі, аб міжнародным супрацоўніцтве ў сферы экалогіі.

— На Гродзеншчыне ажыццяўляецца некалькі цікавых праектаў дзякуючы міжнароднай тэхнічнай дапамозе. У прыватнасці, праектам ЕС/ПРААН «Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да «зялёнай» эканомікі» ў 2015—2017 гадах прадугледжана добраўпарадкаванне тэрыторыі экалагічнага інфармацыйнага цэнтра ДПУ «Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Свіцязянскі», стварэнне фітаклуба. У горадзе Масты ажыццяўляецца дыспетчарызацыя і аўтаматызацыя сельскіх водазабораў з перадачай інфармацыі на цэнтральны дыспетчарскі пункт. У Лідскім раёне ствараецца рэгіянальны лясны экалагічны адукацыйны цэнтр. Цікавая пілотная ініцыятыва «Устойлівае земляробства, заснаванае на інавацыйным падыходзе фермерскай гаспадаркі «ВерміЭкапрадукт» і рэалізацыя экасістэмнай паслугі глебаўтварэння і кругазвароту пажыўных рэчываў» праводзіцца ў Смаргонскім раёне. Агульны бюджэт гэтых пілотных ініцыятыў больш за 500 тысяч долараў ЗША.

Таксама дзякуючы міжнароднай дапамозе праведзена рэканструкцыя экацэнтра заказніка «Азёры». Зараз актыўна рэалізуецца вельмі цікавы праект ГЭФ/ПРААН «Ліквідацыя бар'ераў для развіцця ветраэнергетыкі ў Рэспубліцы Беларусь». Выбраны дзве пляцоўкі ў Навагрудскім і Смаргонскім раёнах для праектавання на іх ветраэнергетычных установак з мэтай прыцягнення інвестараў.



— Лічыцца, што з усіх відаў гаспадарчай дзейнасці турызм наносіць найменшую шкоду прыродзе. Як вы, Андрэй Паўлавіч, мяркуеце — экатурызм ужо стаў адным з брэндаў Беларусі?

— Наша краіна валодае істотным патэнцыялам для развіцця экалагічнага турызму. І ён выкарыстоўваецца на досыць высокім узроўні нацыянальнымі паркамі «Белавежская пушча», «Нарачанскі», «Браслаўскія азёры», «Прыпяцкі», Бярэзінскім біясферным запаведнікам.


Экатурызм трэба і далей развіваць, але пры гэтым падпарадкоўваючыся дасягненню галоўнай мэты — захаванню біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці.

— Падпісаны паміж Беларуссю і Польшчай мемарандум аб аднаўленні воднага шляху Е-40 выклікаў у эколагаў і грамадскасці, мякка кажучы, неадназначную рэакцыю. А якая ваша пазіцыя па гэтым пытанні?

— Пазіцыя міністэрства такая: работы павінны ажыццяўляцца пасля правядзення ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, на падставе праектнай дакументацыі, якая разам са справаздачай аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ва ўстаноўленым парадку павінна быць прадстаўлена на дзяржаўную экалагічную экспертызу. Мы зыходзім з таго, што закон «Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях» забараняе ажыццяўленне дзейнасці, у выніку якой аказваецца альбо можа быць аказана шкоднае ўздзеянне на прыродныя комплексы і (або) такія тэрыторыі. Таксама на тэрыторыі нацыянальнага парку забараняецца дзейнасць, якая вядзе да змянення гідралагічнага рэжыму.

Улічваючы, што праект можа мець трансгранічнае ўздзеянне, неабходна прадугледзець выкананне ўсіх палажэнняў Канвенцыі аб АУНА ў трансгранічным кантэксце.

— Міністэрства актыўна прасоўвае ідэі па пераходзе да «зялёнай» эканомікі. Якія з іх ужо паспяхова рэалізуюцца?

— У краіне прыняты шэраг дакументаў, накіраваных на развіццё «зялёнай» эканомікі. Паралельна, пры ўдзеле міжнародных партнёраў, рэалізуюцца мерапрыемствы па экалагізацыі асобных тэрыторый, вытворчасцяў на прыкладзе 23 пілотных ініцыятыў, якія распаўсюджваюцца на ўсе рэгіёны. Сёння можна казаць пра станоўчыя вынікі, дасягнутыя ў рамках рэалізацыі гэтых праектаў.

Напрыклад, у Барысаве на УП «Папяровая фабрыка» Дзяржзнака ўстаноўлена першая партыя абсталявання для лініі вытворчасці офіснай паперы з другасных рэсурсаў. На прадпрыемстве «Камунальнік» пастаўлены комплекс абсталявання для драбнення драўняных адходаў у біяпаліва для выкарыстання ў кацельні. У Жыткавічыхімсэрвісе ўстаноўлена абсталяванне па транспарціроўцы і перагрузцы сапрапелю, што дазволіць адкрыць вытворчасць высокаэфектыўных арганічных угнаенняў. Завершана мадэрнізацыя вытворчасці лакальных ачышчальных збудаванняў ва Уздзенскім раёне.


Асабліва падкрэслю, што ў выніку рэалізацыі 16 ініцыятыў грамадскіх арганізацый створана 50 новых працоўных месцаў, 270 чалавек атрымалі дадатковае працаўладкаванне.

Новым напрамкам, які мы падтрымліваем, з'яўляецца развіццё «зялёных» устойлівых гарадоў. Так, у Брэсце будзе ўкаранёна канцэпцыя «Сімбія-Сіці», якая прадугледжвае стварэнне разумнага, экалагічна і эканамічна, сацыяльна адказнага горада. Адзначу і праект «Падтрымка зялёнага горадабудаўніцтва ў малых і сярэдніх гарадах Беларусі (Зялёныя гарады)». Ён ажыццяўляецца ў Полацку, Наваполацку і Навагрудку.



— Міжнародныя структуры і беларускія грамадскія арганізацыі ажыццяўляюць нямала праектаў, накіраваных на экалагічную адукацыю дзяцей. Ці ёсць у Міністэрства планы па актывізацыі работы, развіцці разнастайнасці формаў выхавання ў падрастаючага пакалення прыязнага стаўлення да прыроды?

— Безумоўна, мы ўдзячныя нашым партнёрам за тую работу, якую яны праводзяць. Дзеці сёння дастаткова эрудзіраваныя ў пытаннях экалогіі. Мы бачым сваёй асноўнай задачай прыцягненне школьнікаў, студэнтаў ды і ўсяго насельніцтва да навядзення парадку на зямлі. Перакананы, што пасля ўдзелу ў акцыі «Зробім!» чалавек не будзе выкідваць смецце каля вадаёма ці ў лесе. Таму ўсіх заклікаю актыўна ўдзельнічаць у добраўпарадкаванні тэрыторый. Мы гэта робім не для кагосьці, а для сябе, бо прыемна знаходзіцца там, дзе чыста і камфортна.

— Нядаўна вы сустракаліся з калегамі з дзяржаў-удзельніц СНД. Было падпісана міжурадавае Пагадненне паміж Беларуссю і Расіяй аб стварэнні трансгранічнай ААПТ «Запаведнае Паазер'е».

— У склад «Запаведнага Паазер'я» ўвайшлі з беларускага боку заказнікі «Асвейскі» і «Чырвоны Бор», з расійскага — нацыянальны парк «Себежскі». Хачу адзначыць, што нашы заказнікі з'яўляюцца біясфернымі рэзерватамі — месцамі, дзе ахоўваюцца ўчасткі малапарушаных экасістэм з рэдкімі і знікаючымі відамі жывёл і раслін. Цяпер і расійскі бок распрацоўвае навуковае абгрунтаванне абвяшчэння «Себежскага» біясферным рэзерватам. У перспектыве гэта дазволіць падрыхтаваць і падаць намінацыйную заяўку для ўключэння трансгранічнай тэрыторыі «Запаведнае Паазер'е» ў Сусветную сетку біясферных рэзерватаў ЮНЕСКА. Гэта будзе першая для Беларусі і Расіі ахоўная прыродная тэрыторыя такога высокага міжнароднага статусу.


Дарэчы, ва ўсім свеце толькі 16 такіх трансгранічных біясферных рэзерватаў. Сярод іх і Белавежская пушча — у Беларусі з Польшчай, Вялікі Алтай — у Расіі з Казахстанам.



— Ці плануецца рэарганізацыя міністэрства і падпарадкаваных яму ўстаноў?

— Сёлета праведзена аптымізацыя цэнтральнага апарата Мінпрыроды і яго тэрытарыяльных органаў, такім чынам з 1 верасня скарацілася колькасць дзяржаўных служачых у нашай сістэме. Таксама з катэгорыі дзяржслужачых выключаны тэхнічныя работнікі.

У ліпені завершана рэарганізацыя Белгідрамета шляхам далучэння да яго абласных цэнтраў, што дало магчымасць павысіць эфектыўнасць кіравання гэтай службай. Зараз прымаюцца меры па павышэнні якасці работы Белгідрамета ў частцы прагназавання надвор'я. Тэрыторыя краіны не цалкам пакрыта метэастанцыямі, што, натуральна, пагаршае вынік прагназавання. Вызначыўшы канкрэтныя пункты, мы плануем стварыць каля 20 новых аўтаматычных метэастанцый. Не менш за 30% метэастанцый, якія сёння дзейнічаюць, маюць патрэбу ў мадэрнізацыі.


Акрамя таго, Мінпрыроды імкнецца сумесна з прадстаўнікамі навукі, сферы інфармацыйных тэхналогій укараніць сучасныя інавацыйныя распрацоўкі. Беспілотнікі, квадракоптары, фота- і відэапасткі могуць замяніць некалькі чалавек «у полі». Канчатковая мэта рэарганізацыі — найбольш эфектыўнае размеркаванне наяўных матэрыяльных і кадравых рэсурсаў.

— Андрэй Паўлавіч, у вас рэпутацыя моцнага гаспадарніка і эканаміста. Ці не азначае гэта, што і да прыроды вы будзеце ставіцца вельмі рацыянальна?

— Прызначаючы мяне на пасаду, Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб сваім надзвычай паважлівым стаўленні да прыроды. Думаю, менавіта так кожны чалавек павінен ставіцца да яе. Якім бы эфектыўным ні было міністэрства, без падтрымкі насельніцтва, кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый не атрымаецца зберагчы і прымножыць нашы прыродныя багацці. Безумоўна, кіраваць прыроднымі рэсурсамі трэба рацыянальна, разумеючы, што яны не бязмежныя. Аднак пры ўсім прагматызме я лічу, што любоў да прыроды, роднай зямлі — гэта абавязковы складнік характарыстыкі міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

уаnоvskауа@zvіаzdа.bу

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА, Анатоля КЛЕШЧУКА
Загаловак у газеце: Прагматызм не можа быць без любові

0 коммент.:

Дописати коментар