29 червня 2016

Паветраныя ахоўнікі лесу - повітряні охоронці лісу






Сёлетні цёплы сезон ужо можна назваць парадаксальным. Ажно да трэцяй дэкады чэрвеня пратрымалася спрыяльная для лясоў пажарабяспечная абстаноўка. Але цяпер ртутны слупок тэрмометра пайшоў уверх, б'ючы рэкорды, ападкаў стала меней, і таму на патруляванне 9 мільёнаў гектараў беларускіх лясоў штодзённа адпраўляюцца лётчыкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся з намеснікам начальніка авіяцыі па авіяцыйнай ахове лясоў аварыйна-ратавальнай установы «Авіяцыя» МНС Беларусі Анатолем Кротавым і даведаліся пра сакрэты працы ратавальнікаў у небе.
За­гад­чык лёт­на-ін­спек­тар­ска­га сек­та­ра Ігар Зміт­рэ­ня  і на­мес­нік на­чаль­ні­ка авія­цыі па авія­цый­най ахо­ве ля­соў  Ана­толь Кро­таў пра­клад­ва­юць схе­му бу­ду­ча­га марш­ру­ту.
За­гад­чык лёт­на-ін­спек­тар­ска­га сек­та­ра Ігар Зміт­рэ­ня і на­мес­нік на­чаль­ні­ка авія­цыі па авія­цый­най ахо­ве ля­соў Ана­толь Кро­таў пра­клад­ва­юць схе­му бу­ду­ча­га марш­ру­ту.

Тэхніка праверана часам
Кожны дзень да авіятараў паступаюць спецыяльныя зводкі з Белгідрамета. Яны ўяўляюць сабой карту, на якую нанесены класы пажарнай небяспекі. Штодзённае патруляванне неба над лясамі пачынаецца ад трэцяга класа. Пасля гэтага распрацоўваецца маршрут будучага палёту, які абавязкова ўзгадняецца са спецыяльным цэнтрам, які базуецца ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск»: менавіта там вызначаюць свабодныя паветраныя калідоры.
У паветры падчас назірання экіпаж праводзіць 4 гадзіны. Час вялікі, і камфорт палёту мусіць быць як мага менш залежны ад умоў надвор'я. На ўзбраенні авіятараў МНС стаіць тэхніка, якая зарэкамендавала сябе вельмі даўно, да таго ж яна лёгкая ў абслугоўванні і рамонце. Гэта верталёты савецкай і расійскай вытворчасці МІ-2, МІ-8, МІ-26, а таксама французскія AS-350. Не спісваюць дагэтуль і легендарныя «кукурузнікі» АН-2. А ўсяго ў краіне працуюць дзесяць авіяцыйных аддзяленняў.
— Верталёт МІ-8 можа цягнуць да трох тон вады. МІ-26 здольны даставіць да месца пажару ў 5 разоў болей. Такая гіганцкая грузапад'ёмнасць абумоўлена тым, што лясны пажар распаўсюджваецца вельмі імкліва — хуткасць яго за хвіліну можа дасягаць 50-60 метраў. А з аднаго зліву магчыма затушыць да 150 метраў агнявога фронту. Праўда, тут ёсць адзін нюанс. Час падлёту ад моманту забору вады да скідвання не можа перавышаць 10 хвілін, бо інакш агонь адваюе страчаныя пазіцыі. І ў працяглае спякотнае надвор'е мы сутыкаемся з такой сітуацыяй: на карце вадаём нанесены, да яго падлятаем — а ён перасох. Ці разам з вадой чэрпаецца вельмі шмат бруду.
Самалёт АН-2 тушыць пажары па-іншаму. Унутры яго фюзеляжа ўстаноўлены спецыяльныя прылады, якія запаўняюцца вадой. Ёй пасля пілот і «страляе» прыцэльна па агні.
«Самая высокая інтэнсіўнасць пажару — з 15 да 18 гадзін»
У святочныя і выхадныя дні ўсе імкнуцца паехаць за горад, бліжэй да вады ці ў лес. Але ж не ўсе адпачывальнікі задумваюцца пра тое, што справакаваць пажар можа незатушаная цыгарэта ці нават аскепак шкла ад бутэлькі, які працуе як збіраючая лінза.
— Пажары ў экасістэмах падзяляюцца на нізавыя і верхавыя. Прычым апошнія, якія распаўсюджваюцца па кронах дрэў, распаўсюджваюцца далёка не так, як тое паказваюць у фільмах. Такі агонь нібы гуляе ў хованкі — то асядае, то паднімаецца. Лётчык-назіральнік па колеру дыму адразу можа вызначыць інтэнсіўнасць пажару і яго тып. Пры верхавым дым мае цёмны колер, а пры нізавым — больш шызаватае адценне.
Гасіць верхавы пажар наземнымі сіламі вельмі цяжка і рызыкоўна. Таму ад яго адступаюць як мінімум на паўтара кіламетра, прабіваюць апорную паласу бульдозерамі і робяць ад яе адпальванне.
— Па тэлевізары ўсе не аднойчы бачылі, як тушаць пажары ў экасістэмах. Але мала хто ведае, што існуе залежнасць інтэнсіўнасці пажару ад часу сутак. Мацней за ўсё агонь гарыць з 15 да 18 гадзін. Бліжэй да ночы вільготнасць паветра павялічваецца, і полымя прытухае. Вось з 8 да 11 гадзін вечара эфектыўнасць дзеяння наземных сіл максімальная. Другі такі перыяд кароткі — ад досвітку і прыкладна да 7-8 гадзін раніцы.
Він­так­ры­лыя ма­шы­ны га­то­вы ўзмыць у не­ба.
Він­так­ры­лыя ма­шы­ны га­то­вы ўзмыць у не­ба.















Як палепшыць сітуацыю на Гомельшчыне?
Часцей за ўсё ў Беларусі пад удар агню трапляюць саснякі і ельнікі. Гэтых лясоў у нас крыху менш за палову ад іх агульнай колькасці. Вельмі шмат іх расце ў Гомельскай вобласці, па якой амаль штогод пракатваюцца істотныя лясныя пажары.
— Так званыя «спелыя лясы» ад агню церпяць не так моцна. Як правіла, яны складаюцца з даволі вялікіх дрэў вышынёй 30 метраў і болей. У іх унізе вельмі шчыльная кара, якая выконвае ролю ізаляцыі. А вось маладняк, які саджаюць на месцы колішніх высечак, агонь вынішчае пад корань. І гэта самае крыўднае: тыя ж сосенкі прыжыліся, здавалася б, паступова вырасце гай, а даводзіцца перарабляць усё нанова. Ды і пакуль маладняк вырасце, пройдзе не адзін дзясятак гадоў. Ёсць свае асаблівасці і пры рабоце ў Чарнобыльскай зоне. Там не прыбіраецца ветравал, з-за чаго агню распаўсюджвацца яшчэ зручней.
Калі зірнуць на карту Беларусі, то адразу ж будуць заўважныя выступы, асабліва на літоўскай і ўкраінскай межах. Гэта таксама адбіваецца на рабоце лётчыкаў — як бы там ні было, але залятаць на тэрыторыю іншай дзяржавы нельга.
— Балтыйскі напрамак для нас ціхі — пажары ў памежных раёнах там здараюцца вельмі рэдка. А вось лясное памежжа на поўдні — сапраўдны галаўны боль. Лётчыкі і пілоты ўжо вывучылі беларуска-ўкраінскую мяжу на памяць. Вельмі шмат пажараў заходзіць да нас адтуль. І калі ж мы з паветра бачым, што да нашай мяжы агню засталося каля сотні-дзвюх метраў, мы ж нічога са стыхіяй зрабіць не можам! Спрабавалі дамовіцца, што калі на Беларусь насоўваецца пажар і да мяжы застаецца вельмі мала, то мы маглі б высадзіць на ўкраінскай тэрыторыі дэсант, які б ліквідаваў узгаранне і вярнуўся б назад. На вялікі жаль, паміж Беларуссю і Украінай адсутнічае пагадненне аб узаемадзеянні паветраных сіл ратавальнікаў. А вось калі я працаваў у Сібіры, то паміж Расіяй і Манголіяй такая дамова існавала. І пры пажарах на мангольскай тэрыторыі расійскія паветраныя караблі маглі залятаць на пяцьдзясят кіламетраў ад мяжы...
Знайсці «рабінзона»
Таксама авіятары шукаюць зніклых у лесе людзей. Але іх падключаюць толькі тады, калі наземныя пошукі ніякага плёну не прынеслі. За год такіх вылетаў здараецца 15-20.
— Тыповая сітуацыя: пайшла бабуля ў лес у ягады ці грыбы, дадому не вярнулася. Яе шукаюць некалькі дзён, але беспаспяхова. Аднак перш чым вылецець на пошукі, мы павінны ведаць усю абстаноўку. І вельмі часта кажуць нам, што чалавек быў, напрыклад, у шэранькай куртачцы з блакітным вядром. Вось і ўявіце сабе, як пілоту ці лётчыку-назіральніку разгледзець гэтае блакітнае вядзёрка з вышыні ў дзвесце метраў, ды яшчэ і сярод дрэў! Гэта ўжо не кажучы пра тых, хто апранаецца ў вопратку колеру хакі. Чалавека, напрыклад, мы здолеем заўважыць толькі на адкрытай прасторы. Ды і тое, калі ён будзе апрануты ў адзенне колеру, які рэзка адрозніваецца ад зялёнага і пачне пры гуку верталёта прыцягваць да сябе ўвагу — скажам, круціць той жа курткай над галавой. Быў у нас рэкордны выпадак, калі мы знайшлі бабулю, якая заблукала ў лесе, праз месяц пасля таго, як яна знікла. Але зноў жа, заўважылі мы яе на балоце — адкрытай прасторы з нізкарослай расліннасцю.
Аднак крэатыву людзям не займаць нават у такой, здавалася б, экстрэмальнай сітуацыі.
— Неяк нам паведамілі, што прапалі людзі дзесьці на балоце пад Талькай. Тут ужо без нашай дапамогі было не абысціся. «Рабінзоны» — дзве жанчыны і два мужчыны, пачуўшы гук верталёта, запалілі вогнішча. Так іх па дыме і знайшлі. Справа ў тым, што дым вогнішча для прафесіянала заўважны з паветра на адлегласці ажно ў два дзясяткі кіламетраў! Ну а далей, як кажуць, справа тэхнікі.
Ці вось успамінаю свой сібірскі досвед. Даволі часта дзеля ліквідацыі пажараў даводзілася скідваць парашутыстаў. Патушылі яны пажар, а мы па іх вылецець не можам з-за дрэнных умоў надвор'я. Ну і што рабіць у такім выпадку? Дэсантнікі прымалі рашэнне прабівацца да цывілізацыі пешшу. Але і сляды за сабой таксама пакінуць трэба. Таму яны з падручных матэрыялаў — звычайна гэта каменне і жэрдкі — выкладвалі гіганцкую стрэлку, якая і паказвае напрамак, у якім яны сышлі. Дзякуючы гэтаму мы іх і знаходзілі пры першай жа магчымасці вылецець.

0 коммент.:

Дописати коментар