12 грудня 2017

ЛЕС БЫЎ, ЁСЦЬ І БУДЗЕ, або Пра тое, як прайшоў сход грамадзян у Люсіне

5 снежня бягучага года ў аграгарадку Люсі­на прайшоў сход гра­мадзян. На яго прыйшлі каля дваццаці чалавек, жыхароў аграгарадка, прыехалі прадстаўнікі ўлады — старшыня Бара­навіцкага камітэта дзяр­жаўнага кантролю Алег Данілаў, кіраўнік раёна Уладзімір Бялоў, стар­шыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Дрозд, намеснік старшыні рай­выканкама Артур Грыга­ран, начальнік інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага ася­роддзя Юрый Шапель, выконваючы абавязкі ды­рэктара лясгаса Уладзімір Лагвіновіч.

Чым жа была выкліка­на арганізацыя мясцовай уладай незапланаванага сходу ў Люсіне? Яшчэ на пачатку года актывісты па ахове лесу сабралі подпісы з патрабаваннем спыніць суцэльную вы­сечку лесу ў радыусе 5 кіламетраў ад вёскі. Такіх знайшлося 115 чала­век. Лісты-патрабаванні разляцеліся да розных адрасатаў, пачынаючы ад Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь і заканчваючы Камітэтам дзяржаўнага кантролю. Пасля дэталё­вага вывучэння пытання Міністэрствам лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь было рэка­мендавана прыпыніць высечку лесу. Некаторы час яна на самай справе не вялася. Аднак потым работы прадоўжыліся, і толькі з-за таго, што былі выяўлены новыя ачагі паражэння лесу жуком-караедам. І тады жыхары аграгарадка зноў узнавілі сваю бара­цьбу за лес. Яны сабралі дадаткова матэрыялы, падмацавалі іх “старымі” подпісамі і накіравалі ў Камітэт дзяржаўнага кантролю.

На вялікі жаль, тых, хто падпісаўся ў папе­рах, у актавай зале сель­скага Дома культуры са­бралася няшмат. Аднак пяць-сем чалавек актыў­на ўключыліся ў дыялог з прадстаўнікамі ўлады, смела спрачаліся, дака­зваючы сваю праўду.

На найбольшую частку пытанняў даваў кампетэнтныя адказы выконваючы абавяз­кі дырэктара лясгаса Уладзімір Лагвіновіч. Змястоўна, з добрым веданнем справы ён расказаў пра тэрміно­вае выразанне лесу каля вёскі Люсіна з-за паш­коджання сасны і елкі жуком-караедам, пра высечку і спальванне рэ­шткаў хворых дрэў, пра ўзнаўленне лесу ў мес­цах суцэльнай высечкі праз пасадку маладых лясных культур.

— Адзіны спосаб ба­рацьбы з караедам, — даказваў на працягу ўсёй размовы Уладзімір Паўлавіч, — высечка дрэў і спальванне іх рэшткаў.

Найбольш актыўным на сходзе быў Уладзімір Рылка. Па ўсім было відаць, што менавіта ён ініцыіраваў акцыю па ахове лесу ў нава­коллях Люсіна. Ва ўсіх пастаўленых ім пытан­нях скразной лініяй пра­ходзіла думка: ці будзе пакінуты лес нашчад­кам, ці не знішчаць яго ў працэсе барацьбы з за­хворваннямі дрэў і на­рыхтовак?

— Лес быў, ёсць і будзе, — з цвёрдай упэўненасцю ў гэтым канстатаваў Уладзімір Лагвіновіч. — Усё пад кантролем!

Надзвычай сур’ёз­ны дыялог з жыхарамі вёскі па вынесенаму для праверкі ў Камітэце дзяржаўнага кантролю вёў Алег Данілаў. У яго прамове прагучала дум­ка, што дэталёвы аналіз дакументаў пакуль што не дае падстаў для таго, каб гаварыць пра неза­конныя дзеянні з боку Ганцавіцкага лясгаса. Аднак кропка ў гэтай справе не пастаўлена, і калі ў КДК паступіў зва­рот грамадзян, правер­ка будзе праведзена.

Сход грамадзян агра­гарадка Люсіна не аб­межаваўся толькі пы­таннямі аховы лесу. Некаторых цікавілі пы­танні працаўладкавання, стварэння новых пра­цоўных месцаў, утры­мання пенсіянераў на “дэфіцытных” пасадах. Адказы на гэтыя пытан­ні даваў кіраўнік раёна Уладзімір Бялоў, асоб­ным ён гарантаваў пра­цаўладкаванне. Напры­канцы сходу Уладзімір Уладзіміравіч рэзюма­ваў:

— Вы не думайце, што ўлада ад вас адга­роджваецца. Праводзяц­ца “прамыя тэлефонныя лініі”, вядуцца прыёмы грамадзян, ладзяцца самыя розныя формы сустрэч улады з жы­харамі горада і раёна. Звяртайцеся. Лічу, што невырашальных пытан­няў няма.

Галіна ПУПАЧ.


0 коммент.:

Дописати коментар